"Заслаўе-2020".Фестывалю наканавана будучыня
Свята музыкі “Заслаўе-2020”, якое было анансавана раней, з поспехам прайшло ў нашым горадзе.
Папярэднічалі яму: конкурс выканаўчага майстэрства юных піяністаў Мінскай вобласці і адкрыццё выставы беларускай мастачкі Ганны Сільвончык.
Непасрэдна сам фестываль пачаўся з невялікай прэс-канферэнцыі Міхаіла Фінберга, – прафесара, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці. Адметнасць яе ў тым, што маэстра запэўніў прысутных, – фестываль у Заслаўі будзе мець працяг і фармат яго не зменіцца.
Гасцей свята музыкі ў фае Заслаўскай школы мастацваў – пастаяннай “базы” класічнага аддзялення канцэрту, сустракаў хор дзяўчынак гарадской школы мастацтваў. Таксама ўсіх прысутных віталі і арганізатары свята: Мінскі аблвыканкам, Мінскі райвыканкам, Заслаўскі гарвыканкам, Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Сярод ганаровых гасцей, запрошаных на юбілейны канцэрт, быў Валянцін Сітнік, у мінулым – старшыня Заслаўскага гарвыканкама, пры якім фестываль і стартаваў.
Ну а далей… Далей – была чароўная музыка ў выкананні высокапрафесійнага калектыву. Вяла канцэрт заслужаная артыстка Беларусі Алена Спірыдовіча.
Другая частка фестывальнага дня – джазава-эстрадная – “20 гадоў разам: музычны падарунак”, прайшла ў гарадскім доме культуры.
Якім было свята – у фотарэпартажы…