20 гадоў разам! У Заслаўі пройдзе музычна-асветніцкі фестываль
17 студзеня ў 20 раз Заслаўе прыме музычны фестываль. Як заўсёды свята музыкі абяцае быць вельмі насычаным. Першая частка фестывалю адбудзецца ў Заслаўскай дзіцячай школе мастацтваў.
Традыцыйна фестываль пачнецца з “Заслаўскага сшытка” – конкурса юных выканаўцаў. Сёлета сцэна для творчага паядынку будзе прадастаўлена піяністам – навучэнцам дзіцячых школ мастацтваў Мінскай вобласці. Далей адбудзецца своеасаблівы майстар-клас, які прадставіць адзін са шматлікіх творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці, прафесара Міхаіла Фінберга. Салісты: на фартэпіяна – Ганна Брылёва, на кларнэце – Мікалай Мішчанка.
У рамках фестывалю пройдуць: прэс-канферэнцыя прафесара Фінберга з удзелам рэспубліканскіх і мясцовых СМІ; адкрыццё мастацкай выставы “Казачны свет Ганны Сілівончык”. Адзін з самых, так бы мовіць, ёмкіх блокаў фестывальнага дня – канцэрт творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі які прадставіць праграму “Вялікія постаці музычнай Беларусі”. Сярод выканаўцаў – струнны аркестр, ансамблі флейтыстаў, трубачоў, дуэт фартэпіяна і кларнета. Кіраўнікі: Міхаіл Фінберг, Раман Ветраў, Дзмітрый Ціхановіч, Ганна Брылёва і Мікалай Мішчанка.
Скончыць праграму фестывальнага дня канцэрт у Заслаўскім гарадскім доме культуры “Світанак” – “20 гадоў разам: музычны падарунак”. У ім прымуць удзел салісты – лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Наталля Тамэла, Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч, Алеся Дзержавец, Дзмітрый Качароўскі, Руслан Мусвідас, Аляксандр Салаўёў, Яўген Цымбаліст, Ягор Шаранкоў. Вакальны гурт: Аляксандр Дзюмін, Святлана Бударына, Таццяна Карасёва, Андрэй Пятроў. Дырыжор і мастацкі кіраўнік маэстра – Міхаіл Фінберг.