Свята музыкі "Заслаўе-2023": разнастайна, шматкалярова, рознагалоса
Фестываль музыкі “Заслаўе-2023” адбыўся як заўсёды ў атмасферы, якая бывае тут толькі раз у год – разнастайна, шматкалярова, рознагалоса... Тым, хто на працягу дваццаці двух гадоў разам з фестывалем – вельмі ж не хапала ўступу і каментароў выдатнейшай Вольгі Уладзіміраўны Дадзіёмавай, беларускага гісторыка музыкі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара, яе неверагодных гісторый з жыцця нашых знакамітых кампазітараў, і пра тое, пад уплывам якіх падзей яны стваралі свае вядомыя на ўсвесь свет творы…
Хацелася б трошкі аднавіць ў памяці асобныя моманты на прыкладзе аднаго з мінулых святаў, якія, магчыма, шмат каму будуць цікавымі. Для гэтага зазірнем у публікацыю, размешчаную у выданні “СБ-Беларусь”, прысвечаную фестывалю “Заслаўе-2008” – “Музыка беларускіх сядзіб”.
“…Свята музыкі “Заслаўе-2008” зноўку пацвердзіла: народжаная ў мінулыя часы ў малых паселішчах і гарадах высокая музыка ў ХХІ стагоддзі вяртаецца дадому…”
“…На самай справе, прапанаваць правінцыяльнай публіцы складаную камерную музыку, якую і ў сталіцы не кожны можа ўспрыняць, было не тое што рызыкай – авантурай. Але інтуіцыя маэстра (М.Я. Фінберга) не падвяла: на генным узроўні захавалася імнкенне да прыгожага ў тых жа, скажам, несвіжан. І менавіта ў старажытны Нясвіж першымі прыляцелі музы мастацтваў. <...> А фестывальны рух пашыраўся. Заслаўе – тут нарадзіўся праект “Музыка беларускіх сядзіб” і навучыліся слухаць Ельскага, Агінскага…”
“…А большасць фестываляў аркестра ўжо называюцца фестывалямі мастацтваў, спалучаюць музыку, жывапіс, літаратуру. У Заслаўі выставу “…Я бацькоўскаму краю адданы”, прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, адкрываў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Свае вершы чыталі паэты Алесь Бадак, Віктар Шніп і Навум Гальпяровіч…”
“…Фенаменальна, але многія творы, што слухаюць у невялічкіх залах жыхары малых гарадоў і паселішчаў падчас камерных фестываляў аркестра Фінберга, у вялікіх гарадах, і нават у сталіцы, наўрад ці пачуюць. Сваёй залы ў аркестра няма, а ў іншыя патрапіць нялёгка…”
“…Праграму “Слова, натоленае музыкай” на “Заслаўі-2008” слухалі аташэ па пытаннях культуры італьянскай і нямецкай амбасад у Беларусі. Слухалі, як зачараваныя, творы Манюшкі, Орды, беларускага Паганіні -- Ельскага, сучаснікаў і сяброў Дуніна-Марцінкевіча. А потым і наогул у гасцей і гаспадароў перахапіла дыханне: камерны калектыў выконваў музыку да оперы “Ідылія” (“Сялянка”). Не, не манюшкаўскую, але манюшкаўскую адначасова. Напісаў твор беларускі кампазітар Барыс Кур’ян, выкарыстаўшы тэмы Манюшкі, цудоўную аранжыроўку зрабіў Уладзімір Ткачэнка…”
“…І яшчэ адзін музычны феномен свята ў Заслаўі: другі год запар канцэрт беларускай музыкі даюць дзеці -- навучэнцы мясцовай школы мастацтваў. Маэстра Фінберг лічыць гэту падзею ці не галоўнай на свяце. Па-першае, юныя музыкі вучацца любіць сваё і разумеюць, як гэта важна. Па-другое, ім прыходзіцца шмат працаваць, рыхтуючы такую праграму. Хаця б таму, што нот не хапае. У Мінску зачынены апошні нотны магазін…”
Таксама “…гэтыя радкі пра душу каманды – навуковага каментатара фестываляў, маленькую прыгожую жанчыну, прафесара Вольгу Дадзіёмаву. Менавіта яна адшуквала па замежжы адзіныя нотныя радкі, якія потым намаганнямі аранжыроўшчыкаў аркестра ператвараліся ў цудоўныя мелодыі, што вярталіся да нас разам з імёнамі напісаўшых іх кампазітараў. Гэта Вольга Уладзіміраўна са сцэны падчас канцэртаў так захапляюча расказвае нам пра наша музычнае багацце, што з глядзельнай залы ёй нясуць і нясуць кветкі…
“…Тое, што робіцца ў малых гарадах дзякуючы фестывалям нашага знакамітага аркестра, жывіць сваімі сокамі творчую моладзь. І яна ідзе вывучаць беларускую музыку”.
“…А Ніна Бухавец, старшыня Заслаўскага гарадскога Савета, лічыць: гэтае свята ўпаўне ўпісваецца ў праграму развіцця малых гарадоў, бо выхоўвае ў нашых дзяцей любоў да роднага краю. А яшчэ дазваляе жыхарам горада з вялікай гісторыяй дакрануцца да вытокаў нацыянальнай культуры. Дарэчы, Заслаўе ўвайшло ў рэспубліканскую праграму развіцця малых гарадоў…<...>… Будучыню старажытнага горада яго кіраўнікі звязваюць таксама з развіццём турызму. І вельмі спадзяюцца, што свята музыкі, якое ладзіць такі падзвіжнік, як Міхаіл Фінберг, некалі стане часткай турыстычнага маршруту…”.
Далей, – фотаздымкі са свята музыкі “Заслаўе-2023”.
Старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова вітае ўдзельнікаў свята
Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга” Максім Расоха
Эстрадны канцэрт "Прысвячэнне Радзіме" з удзелам Заслужанага калектыву і салістаў аркестра: заслужаных артыстаў Беларусі Наталлі Тамэла і Дзмітрыя Качароўскага, лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Таццяны Глазуновай, Галіны Грамовіч, Алесі Дзяржавец, Таццяны Прахарэнка, Андрэя Коласава, Руслана Мусвідаса, Аляксандра Салаўёва, Ягора Шаранкова; вакальнай групы ў складзе Аляксандра Дзюміна, Святланы Бударынай, Таццяны Прахарэнка і Андрэя Пятрова, прайшоў у гарадзкім доме культуры.