Настаўнікам-ветэранам – Памятаем і жыць вучымся ў Вас!
Чалавек – адзіная істота ў сусвеце, здольная захоўваць і перадаваць звесткі з пакалення ў пакаленне, на працягу шматлікіх стагоддзяў. Рабіць гэта дапамагаюць у тым ліку і своеасаблівыя “вузельчыкі” памяці: фотаздымкі, кнігі, памятныя месцы і знакі – мемарыялы і помнікі. Жыхарам старадаўняга Заслаўі добра вядомыя такія “вузельчыкі”. Іх шмат. І ў межах, і побач з горадам.
Сёння хацелася б расказаць пра “новатвор”, які заняў пачэснае месца сярод гарадскіх мемарыялаў і прысвечаны настаўнікам-ветэранам, якія выкладалі ў пасляваенны час у Заслаўі.
Памятны знак усталяваны 2 ліпеня 2010 г., у школьным двары Заслаўскай сярэдняй школы №2 ім. М.К. Пуцейкі, у гонар 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў гонар людзей, якія самааддана працавалі і выхоўвалі пасляваенныя пакаленні маладых заслаўчан.
Помнік выкананы ў форме чорнай дошкі з мармуру. На яго пастаменце – разгорнутая “кніга”, а на яе “старонках” выбіты імёны 19 настаўнікаў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Настаўнікаў-ветэранаў, чые імёны надоўга захаваюцца ў мармуровых старонках памятнага знаку, чые імёны добра памятаюць колішнія вучні. І, пэўна, у кожнага з іх ёсць успаміны пра настаўнікаў добрых і строгіх, тых, яія навучылі любіць сям’ю, краіну, Радзіму...
Гэта – Азардовіч Анастасія Кузьмінічна, Азардовіч Леанід Антонавіч, Аляксандраў Іван Аляксандравіч, Барадзін Іван Сямёнавіч, Гайковіч Марат Іосіфавіч, Губскі Іван Пятровіч, Заяц Пётр Калістратавіч, Зенчык Сцяпан Іосіфавіч, Зязюлін Ягор Іванавіч, Клюй Максім Максімавіч, Крукоўскі Аркадзь Пятровіч, Мазоўка Расціслаў Цярэнцьевіч, Мільгуй Аляксандр Аляксандравіч, Налецкі Міхаіл Пятровіч, Новікаў Сяргей Раманавіч, Селявончык Мікалай Кузьміч, Сярко Астап Феафілавіч, Собалеў Максім Філіпавіч, Філіповіч Мікалай Канстанцінавіч.
Вылучыце хвілінку часу, падыдзіце ў двор школы да мемарыялу, пакладзіце кветкі, запаліце свечку памяці, кіньце позірк на “старонкі” разгорнутай кнігі, дзе маецца просты, але глыбокі сваім сэнсам надпіс: “Памятаем і жыць вучымся ў Вас!”.
Ігар Кандратовіч, старшы навуковы супрацоўнік ДУ “ГКМЗ “Заслаўе”.