Як зубр, дзік і мядзведзь дапамагалі прасаваць нашым продкам адзенне – zaslavl-info.by

Як зубр, дзік і мядзведзь дапамагалі прасаваць нашым продкам адзенне

Экспазіцыя “Гандлёвая лаўка”, прысвечаная раскрыццю праблемы гандлю ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст., уваходзіць у склад аб’ектаў дзяржаўнай установы “Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”. “Лаўка” адчынілася для наведвання ў 2018 годзе. Прадметны блок яе экспазіцыі складаецца з аўтэнтычных рэчаў канца ХІХ-пачатку ХХ ст., якія ў спалучэнні з гандлёвым абсталяваннем адлюстроўваюць унутраны выгляд дробнай местачковай крамы. Сярод асартыменту тавараў асаблівую ўвагу прыцягвае рубель або валок – драўлянае самаробнае прыстасаванне для разгладжвання (качання) бялізны і адзення. 

На Беларусі рубель выкарыстоўвалі разам  з драўлянай качалкай, на якую накручвалі выраб і раскочвалі. Такі спосаб прасавання быў шырока распаўсюджаны ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Рубель разам з качалкай фактычна ўяўляў сабою драўляны (“халодны”) прас.

Нягледзячы на тое, што такая прылада працы як рубель была распаўсюджана, далёка не заўсёды яна ўпрыгожвалася разьбою. Разьбяныя ўпрыгожванні, часцей за ўсё, уяўлялі сабой геаметрычны або раслінны арнамент. Рубель з “Лаўкі” адметны тым, што на ім выразаны не арнамент, а дрэўцы і фігуры жывёл: зубра, дзіка і мядзведзя, і нават ручка яго зроблена ў форме фігуры мядзведзя.

Нашы продкі не толькі маглі ўдала арганізаваць свой побыт з дапамогай разнастайных прылад працы, але і пакінуць на іх адбітак сваёй жывой фантазіі і душы. Акрамя таго, рубель, у крыху змененым выглядзе, маглі выкарыстоўваць і як музычны інструмент. Але гэта ўжо зусім іншая таямніца, якую мажліва раскрыць у экспазіцыі “Музыка вячорак” музейна-выставачнага комплекса.

На фотаздымках: Рубель або валок з экспазіцыі “Гандлёвая лаўка”, з разьбянымі ўпрыгожваннямі работы В.В. Альшэўскага

Сюжэт-замалёўку падрыхтавала навуковая супрацоўніца

аддзела музейнай педагогікі гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”А.В. Пакінка

0 Комментариев
Карта
Погода