Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе” прадстаўляе выставу “Заслаўскі Спас – 2019”
19 жніўня 2019 года ў Заслаўі прайшоў ІІ Міжнародны мастацкі пленэр “Заслаўскі Спас”. Мастакі розных кірункаў і стыляў сабраліся на творчае свята. Акрамя знакамітых майстроў у пленэры прымалі ўдзел і маладыя таленты, якія ўнеслі нотку дзіцячай непасрэднасці і пазітыву ў творчую атмасферу мерапрыемства.
Моладзь атрымала магчымасць не толькі прыемна правесці час, але яшчэ і пагутарыць са сваімі найбольш дасведчанымі калегамі, пераймаючы вопыт майстроў. Вынікі іх работы можна ўбачыць на выстаўцы.
Мастацкі пленэр “Заслаўскі Спас” з’яўляецца ключавым мерапрыемствам праекта “Цэнтр праваслаўнай культуры горада Заслаўя”, які ажыццяўляецца пры падтрымцы Міжнароднага грантавага конкурсу “Праваслаўная ініцыятыва – 2018-2019". Ініцыятар і куратар пленэра – мастак Анастасія Балыш. Арганізатарамі свята выступілі дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай установы “Пралеска-праект” Алена Глод і прыход кафедральнага сабора Праабражэння Гасподняга ў Заслаўі. Работы ўдзельнікаў пленэраў захоўваюцца ў культурным цэнтры, які размясціўся ў кафедральным саборы Праабражэння Гасподняга.
Дарэчы, у наступным годзе пленэр будзе дабрачынным. Творы мастакоў можна будзе набыць па мінімальным кошце, а ўсе атрыманыя сродкі пойдуць на лячэнне дзяцей.
Зараз пленэр ўдзельнічае ў конкурсе сацыяльных праектаў Social weekend. Дзякуючы народнаму галасаванню "Заслаўскі Спас " трапіў у чвэрцьфінал і арганізатары мерапрыемства праходзяць адукацыйны курс, рыхтуюцца да наступнага года.
Ужо сёння мы запрашаем да ўдзелу ў пленэры мастакоў, аматараў маляваць, а таксама спонсараў, якія могуць дапамагчы праекту з набыццём матэр’ялаў – фарбаў, пэндзлікаў (кисточек), халстоў, паперы і іншых “расходнікаў”.
Таксама спатрэбіцца падтрымка:
– у арганізацыі харчавання ўдзельнікаў пленэра (у тым ліку фінансавая);
– пры фота- і відэаздымках, мантажы;
– пры набыцці падарункаў і сертыфікатаў пленэршчыкам;
– у правядзенні майстар-класа;
– у набыцці абсталявання для правядзення выставы, у тым ліку шатра ад дажджу і сонца;
– у набыцці кішэні для малюнкаў, паспарту, рамы і інш;
– каб надрукаваць каталог работ удзельнікаў пленэра-1.
А пакуль, з 12.11.2019 па 15.12.2019 дзяржаўная ўстанова гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» чакае вас на выставу па адрасе:
Заслаўе, вул. Рынкавая, 4.
Час працы: 9-00 да 17-00.
Выхадны – панядзелак.