“Заслаўе-2018” : прэс-канферэнцыя, выстава, канцэрт… – zaslavl-info.by

“Заслаўе-2018” : прэс-канферэнцыя, выстава, канцэрт…

Прэс-канферэнцыю традыцыйна адкрыў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, прафесар М.Я. Фінберг. Ён падкрэсліў, што за 18 год існавання фестываля, у Заслаўі сфарміравалася цэлае пакаленне маладых людзей, якія выраслі на прыгожай класічнай музыцы.

М.Я. Фінберг падзякаваў кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама, раённага выканаўчага і Заслаўскага гарадскога камітэтаў за садзейнічанне і падтрымку фестывальнага руху ў старажытным горадзе і дадаў: мы робім тое, чаго ніхто раней не рабіў, напрыклад, мы ўжо стварылі 38 праграм, музычных, на вершы беларускіх паэтаў – Коласа, Купалы, Гартнага, Багдановіча і г.д.

Са свайго боку навуковы кансультант свята В.У. Дадзіёмава дадала, што сёлетняе мерапрыемства ўключае ў сабе чарговы пласт невядомай дагэтуль шырокай аудыторыі камернай музыкі з твораў некаторых беларускіх кампазітараў. Гэта каштоўна тым, што кожная наступная праграма, якую штогод прадстаўляе маэстра Фінберг у Заслаўі, асэнсоўваецца як з навуковага падыходу так і з творчага. Заўсёды бываюць цікавыя высновы – які ўплыў зрабіла беларуская нацыянальная культура на станаўленне і развіццё таго ці іншага кампазітара. Зрэшты, гэта адметнасць фестывальнага дня ў старажытным горадзе, адзначыла прафесар Дадзіёмава.

Са сцэны Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў у выкананні калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі ўчора прагучалі Цікоцкі, Глебаў, Аладаў, Л.М.Абеліёвіч, М.К.Агінскі… Усяго творы 27 аўтараў, якія працавалі ў розныя часы на ніве стварэння музыкі.

 

0 Комментариев
Карта
Погода