Ён і яна – «Дарагі і дарагая». У ГКМЗ “Заслаўе” адкрылася выстава Эміліі Фокінай – zaslavl-info.by

Ён і яна – «Дарагі і дарагая». У ГКМЗ “Заслаўе” адкрылася выстава Эміліі Фокінай

Выстава дэкаратыўнага роспісу па тканіне “Дарагі і дарагая” прадстаўляе сабою шэраг карцін, якія сталі вынікам творчасці Эміліі Аляксандраўны Фокінай з 2002 па 2016 гады. Праўда, у Заслаўі дэманструецца толькі невялікая іх частка.

Работы выкананы ў набліжанай да народнай тэхнікі маляванкі – роспісу па тканіне. Творы пазнавальныя сваёй яркасцю, экспрэсіўнасцю і дэкаратыўнымі каляровымі рашэннямі. У іх прысутнічаюць фантастычныя казачныя кампазіцыі, дзе галоўная роля належыць усё тым жа казачным стварэнням – птушкам, кветкам і жывёлам.

Захапіўшыся даўным даўно дэкаратыўным жывапісам, яшчэ ў студэнцкія гады Эмілія пераймала досвед украінскіх майстрых з сяла Петрыкоўка, а ў Беларусі – вывучала народны роспіс па дрэве, тканіне і фарфоры.
На працягу 29 гадоў, кіруючы студыяй “Крынічка” пры Рэспубліканскім цэнтры народнай творчасці дзяцей і моладзі мастачка перадавала назапашаныя веды вучням і ўдасканальвала ўласныя навыкі, працуючы ў разнастайных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

 

Эмілія Фокіна разам з мастачкай Ліліанай Гудавай побач са сваім "аўтапартрэтам"


Як распавядала Эмілія Аляксандраўна на адкрыцці выставы, у некаторых творах (чаму і назва такая дадзена) яна ўвасобіла сябе, у цэнтральнай карціне – у вобразе дзівоснага стварэння – яе муж. Так, кажа мастачка, яна ў свой час спрабавала падняць жыццёвы тонус і настрой супругу, якога, на жаль, неўзабаве страціла.

Твор, прысвечаны мужу

Прадстаўленыя ў Заслаўі творы – гэта ўласнае гледжанне на сітуацыю ў свеце, глыбокае ўласнае перажыванне аўтара. У абліччы казачных стварэнняў увасобіліся асаблівасці чалавечага ўспрымання часу і прасторы, напруга, задуменнасць і мімалётныя пачуцці.

Разглядваючы экспазіцыю, тым больш даешся дзіву, што прысутнасць такой палітры фарбаў належыць не маладому аўтару, а мастаку вельмі паважанага ўзросту. Эміліі Фокінай – 82 гады! Нарадзілася яна ў Томску. У 1959 годзе скончыла ў Адэсе мастацкае вучылішча. Удзельнічае ў выставах таксама з 1959 года.

У яе за плячыма – гарнізоннае і ваеннае жыццё з мужам-палкоўнікам. Разам з ім яна прайшла і так званыя “гарачы кропкі”, у тым ліку вайну ў Афганістане. 10 гадоў жыцця прыйшліся на зачынены касмадром…

Э.А. Фокіна член Саюза мастакоў Беларусі. Разам з мужам выхввалі дваіх сыноў, зараз Эмілія Аляксандраўна дапамагае з выхаваннем 5 праўнукаў!

Сёння творы Эміліі Фокінай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, у Дзяржаўным музеі керамікі ў Маскве і Дзяржаўным рускім музеі. Майстэрства і ўменне выявіць усё багацце пластычных і выразных магчымасцяў розных матэрыялаў, вытанчаная дэкаратыўнасць працаў, вызначылі поспех персанальных выставаў мастачкі ў Расіі і Беларусі.

У 2002 годзе Эмілія Фокіна была ўзнагароджана медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.

0 Комментариев
Карта
Погода