А мы чулі, як лятуць лірычныя, вытанчаныя і пявучыя мелодыі скрыпкі… – zaslavl-info.by

А мы чулі, як лятуць лірычныя, вытанчаныя і пявучыя мелодыі скрыпкі…

Пад гукі святкавання 90-годдзя Мінскага раёна ў музейна-выставачным комплексе Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” адбылася творчая сустрэча з Аляксандрам Сурбам. У камернай абстаноўцы экспазіцыйнай залі “Музыка вячорак” усе ахвочыя даведаліся ад спадара Аляксандра пра інтэграцыю сусветнага гістарычнага і сучаснага досведу ў вырабе і рэстаўрацыі струнных смычковых музычных інструментаў, які акамулюецца ў сценах навукова-даследчага аддзела Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, вядучым навуковым супрацоўнікам якога, уласна, і з’яўляецца спадар Аляксандр.

Канструяванне, рэстаўрацыя, скрыпічнае мастацтва — скрыпкабудаванне і майстэрства “размовы” з матэрыялам, італьянскі Страдывары і беларускі Бохан, і яшчэ шмат іншых тэм было ўзнята падчас сустрэчы.

Жывая размова і пытанні да Майстра ўзнікалі не выпадкова, бо тэматычная экспазіцыя, дзе адбывалася сустрэча, выклікала і музычны інтарэс.

“Музыка вячорак” (аўтар канцэпцыі і збіральнік калекцыі музычных інструментаў — Уладзімір Бярбераў) была створана ў 1992 годзе з мэтай прадстаўлення беларускіх традыцыйных музычных інструментаў з так званага вясельнага гурта. Гэта — скрыпкі, цымбалы, гармонікі, бубны, жалейкі і г.д. За дзесяцігоддзі збірання калекцыя музычных інструментаў сёння аб’яднала амаль 200 адзінак: струнных, духавых, ударных і іншых інструментаў. Толькі скрыпак у зборы Запаведніка захоўваецца больш за 20. Сярод іх — нямецкага і чэшскага вырабу пачатку ХХ стагоддзя, фабрычныя скрыпкі, пераробленыя народнымі майстрамі ў другой палове ХХ стагоддзя, а таксама самабытныя самаробныя скрыпкі. 

Змястоўная сустрэча спалучылася з унікальнай магчымасцю і сапраўдным майстар-класам: самыя смелыя змаглі паспрабаваць сябе памочнікам майстра і выбраць залішняе дрэва на дэках будучага інструмента, а некаторыя — нават змаглі выканаць на скрыпцы, створанай Аляксандрам Сурбам, музычны твор і адчуць, як лятуць лірычныя, вытанчаныя і пявучыя мелодыі скрыпкі Майстра.

Ксенія СЯМАШКА, намеснік дырэктара ГКМЗ "Заслаўе" па навуковай рабоце – загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела

0 Комментариев
Карта
Погода